ЁВА. 39. Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль? Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх? Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы; дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх. Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану, якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі - жытлішчам? Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага, па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю. Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх? Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле? Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю? Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё? Ці ты даў прыгожыя крылы паве і перэе і пух страўсу? Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх, і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх; ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная, таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду; а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага. Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву? Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных - жудасьць; капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі; ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча; калчан гучыць над ім, бліскае капэё і дзіда; у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы; пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык. Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень? Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё? Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных; адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка; птушаняты ягоныя пэюць кроў, і дзе труп, там і ён. І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву: ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму. І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў: вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае. Аднойчы я казаў, - цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.