ЁВА. 41. Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага? Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам? Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё. Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх. Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных? Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных - жудасьць; моцныя шчыты яго - цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю; адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі; адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца. Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары; з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры; з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла. Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя. На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах. Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца. Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон. Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху. Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы. Жалеза ён мае за салому, медзь - за гнілое дрэва. Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі. Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца. Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі. Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь; пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай. Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным; на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.