ПСАЛТЫР. 5. Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава. Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы. Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе. Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, - раніцай стану прад Табою і буду чакаць. Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца; бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў. Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае. А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна. Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю. Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе - згубнасьць, горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім. Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе. А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё. Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго.