ПСАЛТЫР. 7. Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага. Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне; хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма. Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх, калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, - а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам, дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто. Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў, сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні. Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй. Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа! Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе. Бог - судзьдзя справядлівы і Бог - кожны дзень спаганяе сурова, калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго; рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае. Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў, капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў: абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе. Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.