ПСАЛТЫР. 8. Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Давідава. Госпадзе Божа наш! якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы! З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага. Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты? Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго; паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё: валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама, птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі. Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!