ПСАЛТЫР. 11. Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава. Ратуй, Госпадзе; бо няма пабожнага, бо няма верных сярод сыноў чалавечых. Кожны хлусіць блізкаму свайму; вусны лісьлівыя ад няшчырага сэрца гавораць. Зьнішчыць Гасподзь усе вусны лісьлівыя, язык велягурысты, тых, што кажуць: «языком нашым адужаем; вусны нашыя з намі; хто нам гаспадар?» Дзеля пакутаў убогіх і стогнаў гаротнікаў сёньня паўстану, кажа Гасподзь, і дам бясьпеку таму, каго хочуць злавіць. Словы Гасподнія - словы чыстыя, срэбра, ачышчанае ад зямлі ў горане, сем разоў ператопленае. Ты, Госпадзе, захаваеш іх, аслоніш навекі ад гэтага роду. Усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася.