ПСАЛТЫР. 15. Залатая песьня Давідава. Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся. Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя. Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх - да іх уся зычлівасьць мая. Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі. Гасподзь - частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю. Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная. Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая. Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся. Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні; бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне. Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.