ПСАЛТЫР. 17. Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў: палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая! Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой. Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся. Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне; ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне. У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага. Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог; падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго. І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру. І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных. Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае. І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле. Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх. І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго. Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў, уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне. Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю. Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне. Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне; бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім; бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся. Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць, і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі. Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры, з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай. Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш. Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю. З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур. Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца. Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага? Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях, робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне; вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны. Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне. Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае. Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх; пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае, бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі; ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне: яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх; я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх. Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне; па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною. Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх. Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго. Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы, і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў. За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму; таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.