ПСАЛТЫР. 20. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца. Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў. Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата. Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя. Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч. Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго, бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца. Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў. У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную; у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь. Ты вынішчыш плод іхні - спасярод сыноў чалавечых, бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога, Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім. Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.