ПСАЛТЫР. 25. Псальма Давідава. Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся. Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё, бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў, не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду; я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду; буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе, каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць. Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве. Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі, у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства. А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне. Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада.