ПСАЛТЫР. 32. Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць! Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры; новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем, бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя. Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца. Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя. Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах. Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце, бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася. Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў. А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе. Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых; з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі: Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям. Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла. Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю. Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную, што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх. Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша; Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся. Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.