ПСАЛТЫР. 33. Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў. Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца. Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне. Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму. Вось убогі паклікаў, - і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў. Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, - і іх вызваляе. Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца! Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго. Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры. Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу. Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро? Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім. Вочы Гасподнія - на праведных, і вушы Ягоныя - на скаргу іхнюю. А аблічча Гасподняе - супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх. Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе. Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам - уратуе. Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе. Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца! Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць. Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.