ПСАЛТЫР. 37. Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу. Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім, бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае. Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх, бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне, сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго. Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу; бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім. Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго. Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае. Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне. Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць. Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое; а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе; і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу, бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой. І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною. Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною. Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім. А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага; і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду. Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне; пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!