ПСАЛТЫР. 44. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня. Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна. Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім, і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі. Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых. Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх. Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць. Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце. Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго. І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму. І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі. Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам; ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе. Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя. Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі. Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.