ПСАЛТЫР. 45. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня. Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах. Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў. Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх. Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга. Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы. Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля. Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш. Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, - якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні: спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём. Спынецеся і ўведайце, што Я - Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі. Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава.