ПСАЛТЫР. 47. Песьня. Псальма сыноў Карэевых. Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай. Прыгожае ўзвышша, радасьць усёй зямлі гара Сіён; на паўночным схіле яе горад вялікага Цара. Бог у харомах ягоных вядомы як цьвярдыня: бо вось, сышліся цары і прайшлі ўсе міма; убачылі і дзіву даліся, спалохаліся і паўцякалі: агарнуў іх там страх і пакута, быццам боль парадзіху; усходнім ветрам разьбіў Ты Тарсіскія караблі. Як мы чулі, так і ўбачылі ў горадзе Госпада сілы, у горадзе Бога нашага; Бог уцьвердзіць яго навечна. Разважалі мы, Божа, пра добрасьць Тваю пасярод храма Твайго. Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краю зямлі; правіца Твая поўная праўды. Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі юдэйскія дзеля судоў Тваіх, Госпадзе. Атачэце Сіён, і абступеце яго; палічэце ягоныя вежы; Зьвярнеце сэрца ваша на ўмацаваньні ягоныя; разгледзьце будынкі ягоныя, каб расказаць пакаленьню наступнаму, бо гэты Бог ёсьць Бог наш на векі вечныя; Ён будзе павадыром нам да самае сьмерці.