ПСАЛТЫР. 54. Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава. Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся; уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць. Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі; страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне. І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся; далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б; пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры». Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу; удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім; сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных: бо ня вораг мяне кляне, - гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною - ад яго я схаваўся б; а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой, з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы. Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы, я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе. Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас; выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне; Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца; рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю; вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны - мячы аголеныя. Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца. Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.