ПСАЛТЫР. 55. Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце. Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне. Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні! Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе. У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела? Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне - на ліхое: зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю. Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы. Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, - ці ня ў кнізе яны Тваёй? Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне. У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае. На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек? На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы, бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.