ПСАЛТЫР. 56. Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору. Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды. Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро; Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю. Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы - як дзіды і стрэлы, чый язык - востры меч. Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая! На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе. Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць. Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана. Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў, бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая. Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая.