ПСАЛТЫР. 57. Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава. Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя? Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі. З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману. Яд у іх - нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах. Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам! Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца. Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны. Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, - няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае! А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые! І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог - судзьдзя на зямлі!»