ПСАЛТЫР. 60. Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава. Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй, ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне, бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага. Хай жыцьму я вечна ў сялібе Тваёй, і ўпакоюся пад покрывам крылаў Тваіх, бо Ты, Божа, пачуў абяцаньні мае і даў мне спадчыну тых, хто баіцца Твайго імя. Памнож цару дні на дні, гады падоўжы яму - з роду ў род, няхай жыцьме ён прад Богам вечна; накажы мілажалю і праўдзе ахоўваць яго. І я сьпяваць буду імю Твайму вечна, абяцаньні мае выконваць дзень у дзень.