ПСАЛТЫР. 61. Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Давідава. Толькі ў Богу душа мая суцяшаецца; ад Яго выратаваньне маё. Толькі Ён - цьвярдыня мая, ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся болей. Дакуль будзеце налягаць на чалавека? Абвалены будзеце вы, усе вы, як сьцяна нахіленая, як плот расхістаны. Яны скінуць яго з вышыні намысьлілі, ашукаю скарысталіся; вуснамі дабраслаўляюць, а ў сэрцы сваім клянуць. Толькі ў Богу, душа мая, супакойвайся! бо на Яго ўся надзея мая. Толькі Ён - цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся. У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу. Народзе! на Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца маё прад Ім вылівайце: Бог - нам прыстанішча. Сыны чалавечыя - марнасьць адна; сыны мужоў - ашуканства; калі іх пакласьці на вагі, усе яны разам лягчэйшыя за пустату. Не спадзявайцеся на рабункі, і не выхваляйцеся крадзяжом; калі багацьце множыцца, ня хілецеся да яго сэрцам. Аднойчы сказаў Бог, і двойчы я гэта пачуў, што сіла - у Богу, і ў Цябе, Госпадзе, міласьць, бо Ты плаціш кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.