ПСАЛТЫР. 62. Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай. Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай, каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні: бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе. Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму. Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць, калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную, бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся; Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне. А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі; паб'юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў; а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.