ПСАЛТЫР. 64. Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня. Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме. Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць. Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя. Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго. Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры, Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны, Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў! І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю. Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў; Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе; вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць; цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца, лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.