ПСАЛТЫР. 65. Клікніце Богу, уся зямля. Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму. Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае. Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні! Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых. Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім. Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі. Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму. Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца. Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра. Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя, пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю. Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае, якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй. Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў. Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй. Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім. Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь. Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго. Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае.