ПСАЛТЫР. 70. На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены. Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне. Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты. Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка. Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго. На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца. Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая. Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч. Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне, бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады, кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў». Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу. Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха! А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу. Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім. Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю. Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю. І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю. Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе? Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне. Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне. І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў! Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў; і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.