ПСАЛТЫР. 72. Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам! А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, - я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных, бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх; на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць. Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх; вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца, сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць; вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца. Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?» І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце. І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі, і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю? Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх. І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх, пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца. Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы. Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў! Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі. Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая, быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою. Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку: Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне. Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі. Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна, бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца. А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!