ПСАЛТЫР. 73. Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх? Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, - пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся. Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні. Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў; выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва; і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі; сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі; сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» - і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі. Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе. Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць? Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы. Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі! Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах; Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні. Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія. Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца; Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў. Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё. Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды. Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту. Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё. Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі; не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.