ПСАЛТЫР. 75. Кіроўцу хору. На струнных. Псальма Асафава. Песьня. Вядомы Бог у Юдэі; Ягонае імя вялікае ў Ізраіля. І было ў Саліме селішча Ягонае, і жыў Ён - на Сіёне. Ён там паламаў стрэлы лука, шчыт і меч і вайну. Ты слаўны, магутнейшы за дзікія горы. Моцныя сэрцам здабычаю сталі, заснулі сном сваім, і не знайшлі ўсе мужчыны сілы ў руках сваіх. Ад клічу Твайго, Божа Якаваў, задрамалі і калясьніца і конь. Ты грозны, і хто ўстоіць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго? Зь нябёсаў Ты суд абвясьціў: зямля забаялася і замоўкла, калі паўстаў Бог на суд, каб выратаваць усіх прыгнечаных на зямлі. І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш. Рабеце і давайце зарокі Госпаду, Богу вашаму; усе, хто вакол Яго, хай прынясуць дарункі Страшнаму. Ён таймуе дух валадароў, Ён страшны царам зямным.