ПСАЛТЫР. 76. Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава. Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне. У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць. Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух. Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць. Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя; узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой: няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць? няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род? няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае? І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга. Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае. Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае. Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш! Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў; Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа. Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані. Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае. Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася. Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя. Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.