ПСАЛТЫР. 77. Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх. Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці. Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі, не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў. Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім, каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім, класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя, і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім. Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы: яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным: забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў. Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан. Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною; і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню; расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані; са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі. Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні: спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй, і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?» Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?» Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля, за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае. Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба, і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў. Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць. Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых; і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх, і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі. Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх, гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў. Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя. І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога, і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні, і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім; а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму. Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй. Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца. Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым! І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага, не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту, калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан, і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі; паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх; парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы; вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы; быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам; паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў; Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці; пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых; і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю; вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора; і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла. Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх. Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся; адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук; засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную. Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля; пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей; і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага; і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю. Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў; сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі. Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны, і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі, і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў, а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў, і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна, і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў, і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля. І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.