ПСАЛТЫР. 79. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава. Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе. Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас. Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся! Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго? Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры, паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца. Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся! Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе; ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю. Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя: яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі. Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе? Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае. Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты; ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў. Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць, хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе, і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць. Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.