ПСАЛТЫР. 80. Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Асафава. Сьпявайце радасна Богу, цьвярдыні нашай; усклікайце Богу Якава! Вазьмеце псальму, зайграйце на бубне, на арфе з гукам прыемным, на псалтыры; трубеце ў трубу парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага; бо гэта закон Ізраілю, пастанова ад Бога Якаўлевага. Ён пастанавіў гэта ў сьведчаньне Язэпу, калі той выйшаў зь зямлі Егіпецкай, дзе пачуў гукі мовы, якое ня ведаў: «Я зьняў з плячэй ягоны цяжар, і рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў». У гароце ты паклікаў Мяне, і Я цябе вызваліў; зь сярэдзіны грому пачуў Я цябе; пры водах Мэрывы выпрабаваў цябе. Слухай, народзе Мой, і Я буду сьведчыць табе; Ізраіле! о, калі б ты паслухаў Мяне! Хай ня будзе ў цябе іншага Бога, і не пакланяйся богу чужому. Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай; разамкні твае вусны, і Я напоўню іх». Але народ Мой ня слухаўся голасу Майго, і Ізраіль не ўпакорваўся Мне; таму Я пакінуў іх упартасьці іхняга сэрца, хай ходзяць паводле намераў сваіх. О, калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі! Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхніх і павярнуў бы руку Маю на прыгнятальнікаў іхніх; ненавісьнікі Госпада поўзалі б перад імі, а дабрашчасьце доўжылася б заўсёды. Я карміў бы іх тлушчам пшаніцы і насычаў бы іх мёдам са скалы.