ПСАЛТЫР. 81. Псальма Асафава. Бог стаяў у гурце багоў; сярод багоў правіў суд: дакуль будзеце вы судзіць несправядліва і патураць бязбожным? Чынеце суд беднаму і сіраце; прыгнечанаму і гаротнаму справядлівасьць рабеце; вызваляйце беднага і ўбогага; вырывайце яго з рук бязбожнікаў. Ня ведаюць, не разумеюць, у цемрадзі ходзяць; усе асновы зямлі хістаюцца. Я сказаў: вы - багі, і сыны Ўсявышняга - усе вы; але вы памраце, як людзі, і ўпадзяце, як кожны з князёў. Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты спадкуеш усе народы.