ПСАЛТЫР. 82. Песьня. Псальма Асафава. Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа! Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву: супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш; сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля». Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус: селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране, Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра; і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым. Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона, якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі. Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам, якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя». Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома. Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы, так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю, напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе! Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць, і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.