ПСАЛТЫР. 84. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма. Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў; беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў, гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго. Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі. Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род? Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе? Пакажы нам, Госпадзе, ласку Тваю, і даруй нам выратаваньне Тваё. Паслухаю, што скажа Гасподзь Бог. Ён скажа мір народу Свайму і выбранцам Сваім; і няхай не ўпадуць яны зноў у неразважлівасьць. Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізкае тым, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў нашай зямлі. Вернасьць і мілата сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца; зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба; і Гасподзь дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой; прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным.