ПСАЛТЫР. 86. Псальма. Песьня. Сыноў Карэевых. Падмурак ягоны на горах сьвятых. Гасподзь любіць браму Сіёна больш за ўсе паселішчы Якава. Славутае абвяшчаецца пра цябе, горадзе Божы! Згадаю тым, хто знае мяне, пра Раава і Вавілон; вось Філістымляне, і Тыр з Эфіопіяю, - скажуць: «такі-а-такі нарадзіўся там». А пра Сіён казаць будуць: «такі-а-такі і такі-а-такі муж нарадзіўся ў ім, і Сам Усявышні ўмацаваў яго». Гасподзь у перапісе народу напіша: «такі-а-такі нарадзіўся там». І ўсе, хто сьпявае і грае, - усе крыніцы мае ў табе.