ПСАЛТЫР. 87. Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта. Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою. Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго. Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай. Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы, паміж мёртвымі кінуты, - як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя. Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань. Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне. Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці. Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе. Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе? Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая - у месцы тленьня? Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця - праўда Твая? але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе. Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю. Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне, кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам. Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.