ПСАЛТЫР. 88. Вучэньне Этана Эзрахіта. Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі, бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў: «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму: навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна». І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых, бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду? Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае. Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе. Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш. Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх. Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў. Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца. Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая! Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць. Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе; а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца, бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш. Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш. Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу. Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго. Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго. Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго. Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных, і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны, і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго. І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных, навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны. І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба. Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх; калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць: наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю; а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй. Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх, Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду? Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною; вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах». Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго; занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны; разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя. Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім. Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных. Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве; адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу; скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам». Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь? Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых? Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай? Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю. Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў, як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго. Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!