ПСАЛТЫР. 93. Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе! Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату. Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць? Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі; топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю. Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак, і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў. Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі? Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць? Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню? Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя. Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім, каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма! Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй. Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам. Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў? Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу. Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне. Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць. Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону? Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую. Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго, і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.