ПСАЛТЫР. 96. Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная. Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы. Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд - аснова трона Ягонага. Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных. Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць. Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі. Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную. Хай пасаромяцца ўсе, хто служыць балванам, хто хваліцца ідаламі. Пакланецеся Яму, усе багі. Чуе Сіён, і радуецца, і весяляцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Госпадзе, бо Ты, Госпадзе, высокі над усёю зямлёю, узьнесены над усімі божышчамі. Хто любіць Госпада, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх. Сьвятло зьзяе на праведніка, і на тых, хто справядлівы сэрцам, лье весялосьць. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, і слаўце памяць сьвятыні Ягонай.