ПСАЛТЫР. 97. Псальма Давідава. Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу. Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю. Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага. Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце; сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі; з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам. Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім; хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы - па праўдзе.