ПСАЛТЫР. 98. Псальма Давідава. Валадарыць Гасподзь: хай дрыжаць народы! Ён сядзіць на херувімах: хай трасецца зямля! Гасподзь на Сіёне вялікі, і высокі Ён над усімі народамі. Хай славіць вялікае і грознае імя Тваё: сьвятое яно! І магутнасьць цара любіць суд. Ты сьцьвердзіў справядлівасьць; суд і праўду Ты ўчыніў у Якаве. Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно! Майсей і Аарон паміж сьвятарамі, і Самуіл паміж тымі, хто кліча імя Ягонае, клікаў да Госпада, і Ён слухаў іх; У слупе хмарным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі Яго запаведзі і пастановы, якія Ён даў ім. Госпадзе, Божа наш! Ты слухаў іх; Ты быў ім Богам, Які даруе і карае за дзеі іхнія. Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Гасподзь, Бог наш.