ПСАЛТЫР. 100. Псальма Давідава. Пра міласьць і суд буду сьпяваць: Табе, Госпадзе, буду сьпяваць. Думаць буду пра шлях беззаганны: калі прыйдзеш Ты да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго сярод дома майго. Не пакладу перад вачыма маімі непатрэбнае рэчы; дзею злачынную я ненавіджу; ня прыстане яна да мяне. Сэрца разбэшчанае будзе далёка ад мяне, ліхога я ведаць ня буду. Таго, хто таемна паклёпнічае на блізкага свайго, праганю; ганарыстага вачамі і пагардлівага сэрцам не патрываю. Вочы мае - на верных зямлі, каб яны заставаліся пры мне; хто ходзіць дарогаю беззаганнасьці, той будзе служыць мне. Ня жыцьме ў доме маім той, хто ўчыняе падступна; і хто няпраўду гаворыць, ня стане перад вачыма маімі. З самае раніцы буду зьнішчаць усіх бязбожных зямлі, каб выкарчаваць з горада Гасподняга ўсіх, хто злачынства ўчыняе.