ПСАЛТЫР. 101. Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю. Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе. Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне. Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка; сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб; ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй. Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах; ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху. Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне. Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі, ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне. Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава. Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род. Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час; бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць. І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй. Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй; паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй. Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада, бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю, каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці, каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме, калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду. Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае. Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў. На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх; яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца; але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца. Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.