ПСАЛТЫР. 103. Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч, Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону, ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру. Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага. Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна. Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць. Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны; узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў. Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць. Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды, пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю. Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы. Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца. Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў, і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў; на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам, высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам. Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад. Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры; ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы; выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара. Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх. Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія; там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім. Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова. Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром; схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца; пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі. Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі. Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца. Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць. Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе. Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!