ПСАЛТЫР. 104. Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя. Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя. Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада. Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды. Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных, вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя. Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя. Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў, якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку, і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным, кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай. Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй, і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя, нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў: «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла». І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў. Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп. Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная, пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго. Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго. Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім, каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці. Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву, і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных. Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных. Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў. Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай. Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму. Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю. Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх. Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы. Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю. І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх. Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў; і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх. І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй. І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага. Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго. Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу. Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх. Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх, бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго, і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці: і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую, каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!