ПСАЛТЫР. 105. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная. Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную? Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час! Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім, каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю. Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду. Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора. Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю. Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім; і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага. Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося. І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму. Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня: і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай. І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць. І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму. Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню. І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных. Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу; і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву. Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў, дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора. І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх. І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму; і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга. І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні, і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі. Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным, і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх. І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род. І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх, бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі. Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь; а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх; служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю, і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам; пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю; зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі. І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі. Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю. Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё. Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі, і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх, і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон. Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю. Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!