ПСАЛТЫР. 106. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная! Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора. Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада; цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх, і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых: бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром. Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам; бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі. Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх, вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых: бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў. Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае; усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе; паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю! Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, - бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані: Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго: узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах; яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх. Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца. І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў! Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу, зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй. Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады; і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім; засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады. Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее. Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі; Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма. А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак. Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае. Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.