ПСАЛТЫР. 108. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Божа хвалы маёй! не прамаўчы, бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя; адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны; за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся; аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю - нянавісьцю. Пастаў над імі бязбожнага, і д'ябал хай стане праваруч яго. Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам; хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае; дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная - удавою; хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх; хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную; хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных; хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе; хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца; хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго; палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе; хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя; хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца. Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю! Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне, бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне. Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу. Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу. Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць. Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй, хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта. Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца. Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім. І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць: бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.